Якая цудоўная родная мова!
Калі шануеш тую мову,
Якую продкі збераглі,
Скажы на ёй такія словы,
Каб у вяках яны жылі.
Каб той, хто прыйдзе за табою,
Не папракаў цябе ні ў чым,
А ўзяў бы мову, нібы зброю,
Каб для нашчадкаў берагчы.
Ю.Свірка
Мова… Наша родная мова… Колькі мілагучнасці, таемнасці ў гэтым слове. Залатыя лісцікі на дрэвах, кожная птушка, кожная кветка і, канешне чалавек – усе маюць сваю мову. “Самы найвялікшы і бясспрэчны закон жыцця – гэта людская мова, праз якую чалавек стаў вышэй за ўсіх істот пад сонцам”, - пісаў знакаміты Янка Купала. Сапраўды, чалавечую мову нельга параўнаць з мовай птушак, жывёл, раслін. Яна з’яўляецца больш прыгожай, мілагучнай, дзякуючы ёй людзі размаўляюць, вучацца, дасягаюць сваёй мэты, але нашу родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. У былыя часы людзі якім трэба было адрачыся ад роднай мовы, ад Радзімы вельмі пакутавалі.
“Наша мова – гэта народны скарб. Яго нельга не шанаваць, як нельга не шанаваць родны народ”, - з хваляваннем гаварыў Іван Мележ. Адзін вельмі знакаміты чалавек гаварыў: “Мова ласкавая і мілагучная, як песня”. Таму мы павінны “спяваць”, гаварыць на сваёй мове, вучыць іншых размаўляць на ёй. “Чалавек – гэта цэлы свет”, - сказаў Кузьма Чорны. Значыць, чалавек можа ўсё: можа ўзбагаціць нашу мову, можа аберагаць яе, змагацца за яе, каб не страціць зусім. “Хто забыў сваіх продкаў – сябе згубіў, а хто забыў сваю мову – усё згубіў”.
Мова – гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Любі сваю мову за тое, што яна прыгожая і мілагучная, што яна дае людзям тое, без чаго нельга жыць. Любі сваю мову за тое, што яна самая найлепшая за ўсе іншыя мовы.
Мову неабходна аберагаць і шанаваць. Мова і мы – гэта адзінае на свеце. Так павінен думаць кожны беларус. Любоў да яе павінна праяўляцца ў кожным нашым дзеянні і ўчынку. Мова –гэта наша спадчына.